СЛО́ЎНІК МО́ВЫ ПІСЬМЕ́ННІКА,
тып слоўніка, у якім падаюцца і тлумачацца словы, выкарыстаныя ў творах пэўнага аўтара або якім-небудзь адным яго творы, своеасаблівы дапаможнік для вывучэння моўнага і літ. стыляў пісьменніка, гісторыі літ. мовы той эпохі, калі пісьменнік жыў, для вызначэння яго месца і ролі ў літ.-моўным працэсе. Першы ўсх.-слав. слоўнік пісьменніка — «Слоўнік да твораў і перакладаў Дз.І.Фанвізіна» К.Пятрова (1904). Выдадзены «Слоўнік мовы Пушкіна» (т. 1—4, 1956—61), «Слоўнік мовы А.Міцкевіча» (т. 1—11, 1962—83), «Слоўнік мовы Шаўчэнкі» (т. 1—2, 1964), «Слоўнік Гётэ» (т. 1—2, 1966—82). На Беларусі складанне такіх слоўнікаў пачалося ў 2-й пал. 20 ст., першы з іх — рукапісны «Слоўнік мовы В.Дуніна-Марцінкевіча» С.М.Грабчыкава (каля 5600 слоў; фрагменты апубл. ў 1965). Створаны «Слоўнік мовы Францыска Скарыны» У.В.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993). Выдаецца «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—3, 1997—2001). Ін-т мовазнаўства Нац. АН Беларусі рыхтуе «Слоўнік мовы Я.Коласа».
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)